З 13 мая па 19 мая ў Глыбачанскай сярэдняй школе прайшоў тыдзень “Вайна ў мастацтве” ў ходзе інфармацыйна-патрыятычнага праекта “Шляхі вызвалення”.
Адкрыла тыдзень тэматычная кніжная выстава “Вайна ў мастацтве”, арганізаваная бібліятэкарам Корабавай З.Я. Мы азнаёміліся з работамі скульптараў А.Бембеля “Герой Савецкага Саюза М.Гастэла”, А.Азгура “Герой Савецкага Саюза М.Сільніцкі”.
Нашай увазе прадстаўлена кніга “Памятныя месцы Беларусі”. Уразіў веліччу і смуткам мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак” у вёсцы Боркі, у якой карнікі расстралялі і зажыва спалілі 1800 жыхароў.
Гордасць за Радзіму выклікалі ілюстрацыі карцін У. Сухаверхава “За родную Беларусь”, А.Шыбнёва “Партызаны вядуць палонных немцаў”, Я.Ціхановіча “Партызаны ў разведцы”.
З болем у сэрцах разглядалі мы работы М.Савіцкага ”Спяваючыя камуністы”, “Вязень”, на якіх адлюстраваны пакуты і жудасць жыцця і смерці зняволеных у канцэнтрацыйным лагеры “Асвенцым”. А палатно “Партызанская мадонна” нас уразіў як сімвал непераможнасці жыцця – мацярынства.
У ходзе тыдня настаўнік беларускай мовы і літаратуры Казлова Г.В. арганізавала конкурс чытальнікаў “Памяць пра вайну нам вершы пакідаюць” і конкурс малюнкаў “Рэха вайны і памяць сэрца”.
Пранікнёна, са шчырымі сэрцамі, з пачуццём гордасці і любові да Радзімы дзеці чыталі вершы знакамітых паэтаў пра герояў вайны. Пераможцамі сталі Краснова Дар’я, 9 клас (верш П.Панчанкі “Герой”), Сяліцкая Анастасія, 9 клас (верш В.Віткі “Ружа і штык”), Сіскевіч Аляксандра, 9 клас (верш С.Грахоўскі “Ноч на плошчы Перамогі”) Лепшымі чытальнікамі балад вызначаны Церашкавец Ксенія, 8 клас (А.Куляшоў “Балада аб чатырох заложніках”), Хударожкаў Сяргей, 8 клас (М.Купрэеў “Балада пра партызанскія чаравікі”), Быкава Ангеліна, 8 клас (А.Лойка “Юнак быў са Слоніма родам”).
У конкурсе малюнкаў “Рэха вайны і памяць сэрца” прынялі ўдзел вучні 1-8 класаў. Юныя мастакі адлюстравалі свае адносіны да гераічных гістарычных падзей, да светлага Дня Перамогі. Дыпломы пераможцаў атрымалі Шпакава Сафія, 5 клас за малюнак “Парад Перамогі”, Чувахова Кіра, 7 клас за малюнак “У стоптаным жыце”, Церашкавец Ксенія, 8 клас за малюнак “Партызанскія будні”.
Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца адной з ключавых падзей сучаснай айчыннай гісторыі.І тыдзень дазволіў нам, навучэнцам, яшчэ раз асэнсаваць, што ніколі нельга забываць аб самай страшэннай катастрофе чалавецтва – вайне, якой заўсёды супрацьпастаўляецца жыццё.Мы павінны памятаць пра пакаленне нашых дзядоў і прадзедаў, якія перажылі жорсткую вайну і здабылі для нас Перамогу. Мы абавязаны шанаваць і берагчы мір у нашай краіне.
