У перыяд з 18 па 23 кастрычніка ва ўстановах адукацыі праводзіліся мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскага Тыдня музеяў, галоўнай падзеяй янога стаў рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі “Памяць народа ў надзейных руках маладых”.
У рамках дэманстрацыйнай праграмы рэгіянальнай пляцоўкі форума нашай установай адукацыі быў прадстаўлены відэаролік, які расказвае аб рабоце школьнага краязнаўчага музея. Вучаніцы 7 класа Сіскевіч Аляксандра і Сяліцкая Анастасія, а таксама дзесяцікласніцы Казлова Елізавета і Сурынава Анастасія паведамілі ў анлайн-фармаце аб стварэнні і дзейнасці нашага музея, даследчай рабоце вучняў на яго базе і праводзімых мерапрыемствах (кіраўнікі Паршонак Д.М., Церашкавец Т.І.).
Нажаль выступленні педагогаў, якія павінны былі прадстаўляць Віцебскую вобласць на рэспубліканскай узроўні з дакладамі, з-за цяжкай эпідсітуацыі таксама былі пераведзены на рэгіянальную анлайн-пляцоўку. Таму настаўніца нямецкай мовы Церашкавец Т.І. падзялілася з калегамі сваім вопытам па тэме “Патрыятычнае выхаванне вучняў пасродкам далучэння іх да гісторыі сваёй малой радзімы праз стварэнне праектных інтэрнет-рэсурсаў на аснове архіўных матэрыялаў школьнага музея”.
Трэба сказаць, што было вельмі прыемна атрымаць словы падзякі ад загадчыка сектара патрыятычнай і краязнаўчай работы Віцебскага абласнога дварца дзяцей і моладзі Ясінскай В.В. Вольга Валер’еўна адзначыла нашу школу як актыўнага і паспяховага ўдзельніка шматлікіх абласных конкурсаў дадзенага накірунку. І як вынік – два дыпломы другой ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і сертыфікат рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.


