Літаратурна-музычная кампазіцыя
“Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…”
(жыццёвы і творчы шлях мастака-земляка Д.У. Крупені)
Мэта: дапамагчы ўзнавіць і пашырыць веды пра асобу і талент самадзейнага мастака-земляка Д.У.Крупені, падтрымліваць цікавасць вучняў да яго творчасці, выхоўваць пачуццё патрыятызму, любові да роднай зямлі.
Форма: літаратурна-музычная кампазіцыя.
Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, карціны Д.У.Крупені, тэматычная прэзентацыя.
Эпіграф: Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой… я паслужу колькі мне будзе дадзена дзён,-- многа, або мала, але да канца (У.Караткевіч).
Уступнае слова настаўніка: Беларусь вабіць прыгажосцю сваіх краявідаў.Чаруюць вока блакітныя рэкі і азёры, зялёныя лясы, шырокія палі і лугі… Але найбольш славіцца “зямля пад белымі крыламі” людзьмі. Менавіта яны складаюць багацце краіны, праслаўляюць і будуць праслаўляць Беларусь. Пачэснае месца сярод іх займае наш зямляк-мастак Д.У.Крупеня. Сёння пра яго мы і будзем весці размову.
(Гучыць беларуская мелодыя).
1-ы вядучы: Ушаччына. Вёска Судзілавічы. 13 красавіка 1928 года. У час абуджэння і росквіту прыроды, у аздобленым Богам прыгажосцю куточку нарадзіўся Дзям’ян Крупеня, мастак, лаўрэат І і ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці.
2-і вядучы: Хлопчыкам пацягнуўся да алоўка. Бацька Уладзімір Дзмітрыевіч і маці Ніна Маркаўна зрабілі ўсё, каб сын вучыўся. У 1935 г. Дзям’ян пайшоў у 1-ы клас. Ужо тады ў высоканькім няўрымслівым хлопчыку прыкмецілі цягу да малявання, даручылі афармляць у школе насценгазету. У пачатку чэрвеня 1941 года скончыў 5 класаў Судзілавіцкай пяцігадовай школы, збіраўся вучыцца далей. Але мірныя планы парушыла вайна.
(Дэманструецца ўрывак з інтэрв’ю Д.У.Крупені пра 22 чэрвеня 1941 года).
(Гучыць ваенная мелодыя).
1-ы вядучы: На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Дзям’яну было толькі 13 год. Перад вачыма прайшлі многія трагічныя, жудасныя падзеі акупацыі. Бацька стаў партызанам брыгады Дубава, а Дзям’ян працаваў на гаспадарцы бацькоў і чым мог дапамагаў партызанам: вазіў іх на кані на заданні і да лініі фронту. У лютым 1944 года і Дзям’ян Уладзіміравіч уступіў у партызанскі атрад імя А.Суворава брыгады імя П.Панамарэнкі, дзе прабыў да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі.
2-і вядучы: Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ушаччыны, працаваў у калгаснай кузні малатабойцам. У сакавіку 1945 года быў накіраваны разам з іншымі калгаснікамі ў Германію за жывёлай для Ушацкага раёна. У кастрычніку было прыгнана ў раён 300 галоў кароў. Там, начуючы на гарышчы дома, хлопчык знайшоў масляныя фарбы і паперу. Атрымалася нешта падобнае на пейзаж. Пасля, калі задумваўся аб далейшым шляху, то бясконца вяртаўся толькі да аднаго: трэба звязаць будучую прафесію з маляваннем.
1-ы вучань: І Дзям’яну Уладзіміравічу пашанцавала. 13 чэрвеня 1947 года ён быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у г. Кіраваградзе ў паветранадэсантных войсках радыётэлеграфістам. Пры Доме афіцэраў закончыў сярэднюю школу, а ў горадзе ў вольны час наведваў ізастудыю, дзе пачаў настойліва авалодваць тым, чаго не ведаў, хоць і без гэтага маляваў прыгожа. Любімаму занятку хлопец аддаваўся спаўна. На адказнасці Дзям’яна быў ленінскі пакой часці, дзе ён мог паказаць, на што здольны. Майстэрства афармляць стэнды хапала.
2-і вучань: Вярнуўшыся на Радзіму пасля службы ў арміі, працаваў у калгасе, затым загадчыкам Старынкаўскага сельскага клуба, пазней – інструктарам райкама партыі, 14 гадоў - старшынёй рабачкама ў Кублічах, 11 - дырэктарам Дома культуры ў нашай Глыбачцы. У 1988 годзе выйшаў на пенсію, але не расстаўся з фарбамі, па-ранейшаму прагны да чыстага аркуша і палатна.
1-ы вядучы: Паралельна з асноўнымі жыццёвымі падзеямі скончыў завочна Маскоўскі народны ўніверсітэт культуры імя Н. Крупскай на аддзяленні малюнка і жывапісу. Чатыры з паловай гады вывучаў тое, што цікавіла, удасканальваючы майстэрства ў стварэнні карцін. У 1982 годзе скончыў Віцебскае культурна-асветнае вучылішча па спецыяльнасці кіраўніка драматычнага калектыву. З 1957 года ўдзельнічае ў розных выставах. Аўтар больш за тысячу карцін. Многія з іх выстаўляліся не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Латвіі, Украіне, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Германіі, Польшчы.
2-і вядучы: Чым жа прывабліваюць творы Крупені? Яркімі фарбамі, свежым, амаль дзіцячым успрыманнем прыроды. Мастак “убачыў” і адлюстроўвае тое, чаго іншым, мабыць, бачыць не дадзена. Жыццёвая непасрэднасць, жыццялюбства напаўняюць карціны мастака. Па перакананні Дзям’яна Уладзіміравіча, мастак творамі выражае свае адносіны да навакольнага асяроддзя і яго разуменне.
1-ы вядучы: Тэматыка карцін вельмі разнастайная: гераічная памяць беларускага народа, жыццё роднай Ушаччыны, яе працаўнікоў, прырода роднага краю. У яго пейзажах - вобраз спакойнай прыроды, цудоўнай ва ўсіх яе праяўленнях: ці то росквіт лета, жаркі поўдзень, надыход восені… Сёння гаварыць аб прыродзе, значыць дбаць аб выратаванні жыцця на зямлі.
(Дэманструюцца карціны мастака).
1-ы вучань: Вясна - асаблівая, чароўная пара. Але для людзей вёскі – гэта яшчэ і пачэсная праца хлебаробаў. На карціне Дзям’яна Уладзіміравіча “Вясенні сеў” мы бачым, што дзень толькі пачынаецца. Яшчэ дзесьці далёка і глыбока на гарызонце блікі ўзыходзячага сонца, а ў полі ўжо працуюць трактары з сеялкамі. (У свой час Д.У.Крупеня, працуючы старшынёй рабачкама ў вёсцы Кублічы, часта выязджаў на палі калгаса). На пярэднім плане карціны аграном, які аб’язджае палі на матацыкле, даючы ўказанні працаўнікам. Твары хлебаробаў заклапочаныя і ўважлівыя, бо сеючы хлеб нельга ні ў якім разе схібіць. Ад карціны зыходзіць трапяткое хваляванне, “запахла поле зноў раллёю”. Адчуваецца рытм працоўнага дня, бачыш рухі людзей, уяўляеш зерне важкае, літое, якое роўнымі радамі кладзецца ў пульхную зямлю, каб затым аддзячыць чалавеку за яго нялёгкую працу добрым ураджаем.
2-і вучань: Прыгажосць сялянскай працы ўслаўляецца мастаком і ў карціне “Касцы”. Мы бачым прыгажосць чалавека, які жыве ў згодзе з прыродай і з’яўляецца яе часткаю. Адразу ўспамінаюцца радкі з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”:
Чытальнік: Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары;
Ідуць касцы, ідуць, як хмары,
І льецца смех іх разудалы,
Як веснавыя перавалы. (Я. Колас)
Касцы намаляваны ў момант паглыбленасці ў сябе, засяроджанасці. Яны прыгожыя сваёй сталасцю, у якой адчуваецца гармонія і ўнутраная сіла, што ўласціва і прыродзе ў спакойныя ясныя дні лета.
3-і вучань: На карціне “Родныя прасторы” свет прыроды з’яўляецца часткай духоўнага свету чалавека. Адчуваецца жаданне мастака навек парадніцца з дрэвам, небам, вадою, усім жывым. Глядзіш на карціну і пранікаешся думкай, што прыгажосць, гармонія ў прыродзе належыць усім. Вось грудок, бярэзнік, сцяжынка, палянка, ручаёк… І, здаецца, чуеш “голас” сваёй зямлі, які супакойвае, здымае скруху, нараджае аптымізм. Прырода – сябар мастака, штосьці роднае, блізкае яго душы.
(Песня)
2-і вядучы: І ў нашай школе, і ў музеі шмат карцін Дям’яна Уладзіміравіча, якія адлюстроўваюць героіку Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы з фашызмам на Ушаччыне. Тэма вайны высокая і невычэрпная.
(Гучыць трагічная мелодыя). Дзям’ян Уладзіміравіч вынес цяжар саракавых гадоў на ўласных плячах. Партызанская тэма знайшла адлюстраванне ў шматлікіх жывапісных палотнах мастака.
(Гучыць ваенная мелодыя)
1-ы вучань: Перад вамі карціна “Партызанскай сцяжынкай”. Таемнай сцежкай вядзе камандзір групу разведчыкаў. Лес дапамагае ім, хавае ад вока нямецкага лётчыка. Твары партызан спакойныя, бо яны ведаюць, што нават прырода на іх баку ў вызваленчай справе.
2-і вучань: Выбухі, агонь, смерць… Ваенная навала не шкадуе нікога і нічога. У змаганні і барацьбе куецца вызваленне. Фашысцкая куля прабіла грудзі салдата, а ў вачах змагара – мужнасць, прага перамогі. Аб гэтым карціна мастака “Апошні бой”.
Чытальнік:Салдат сабраў астаткі сілы
І павярнуўся тварам дагары.
Над галавой цямнеў густы блакіт,
Дзень пагасаў, і сонца памірала,
За край зямлі павольна адплывала,
Нібы плыло пад цень магільных пліт.
“Я не вярнуся больш да родных хат,
Але жыццё ніколі там не згасне.
Красуйся ж вечна, мілы край мой, шчасна!”
Так, паміраючы, казаў салдат. (П. Глебка)
“Дзякуй табе, салдат, што ты ахвяраваў сабою дзеля мяне, маіх блізкіх. Ты ваяваў за тое, каб на зямлі быў мір, каб людзі жылі ў згодзе. Дзякуй табе за ўсё!” – гаворым мы, гледзячы на карціну.
3-і вучань: Вясна 1944 года стала новым выпрабаваннем для партызан. Ворагі паставілі перад сабой задачу акружыць і знішчыць партызан, ачысціць занятую імі тэрыторыю. Партызаны ж атрымалі загад пачаць падрыхтоўку да прарыву. Яго яны ажыццявілі ў ноч на 5 мая паміж вёскамі Паперына і Новае Сяло. Асноўныя партызанскія сілы прарвалі блакаду. Разам з імі выйшлі з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў. На карціне Дзям’ яна Уладзіміравіча “Прарыў” мы бачым момант гэтага супрацьстаяння. Гадзінамі, суткамі ідзе бой. Ноч. У паветра ўзвіваюцца ракеты, асвятляючы поле бою. Працуюць кулямёты, трашчаць аўтаматы. На тварах партызан рашучасць і прага да перамогі, імкненне выканаць свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай і гісторыяй.
Сыны не чакалі спагад,
Трывалі,
Стаялі трывала.
Жалезная воля брыгад
Смяротны ланцуг парвала. (Р. Барадулін)
1-ы вядучы: Шчырасцю, жыццёвай праўдай прывабліваюць карціны Дзям’яна Уладзіміравіча. Ён імкнецца звярнуць нашы думкі і сэрцы да сапраўдных вечных каштоўнасцяў. Маладому пакаленню гэта асабліва патрэбна.
2-і вядучы: Мы ведаем Дзям’яна Уладзіміравіча як чалавека актыўнай грамадзянскай пазіцыі, добрага жывапісца, актыўнага ўдзельніка клуба самадзейных майстроў і мастакоў “Адраджэнне”. Аднак гэты творца не абмяжоўваецца адным толькі выяўленчым мастацтвам: Дзям’ян Уладзіміравіч з’яўляецца яшчэ і драматургам. Ім створаны міні-спектаклі “Ля вогнішча”, “Разведчыкі”, “Выкраданне каменданта”, якія абапіраюцца на ўспаміны аўтара аб рэальных падзеях у барацьбе партызанаў на нашай тэрыторыі.
(Ідзе інсцэніроўка ўрыўка з міні-спектакля Д.У. Крупені “Ля вогнішча”).
1-ы вядучы: А зараз слова прадастаўляецца Д.У. Крупеню.
(Выступленне мастака)
Чытальнік: Зямля Беларусі: узгоркі і долы,
Блакітнае неба і зелень лясоў.
Азёр серабрыстых іскрыстыя хвалі
Натхняюць паэтаў і мастакоў.
На Вашых карцінах жыццё ажывае:
Працуюць машыны на родных палях,
Красуецца жыта і лён расцвітае,
І дыхае парай густою ралля.
Тут нашы знаёмыя – людзі вясковыя.
Іх можна пабачыць і можна пазнаць.
Яны, як жывыя, з Вашых палотнаў
На нас то з усмешкай, то сумна глядзяць.
Цікава нам бачыць на Вашых карцінах
І родную вёску, і мілы наш кут,
Дзе наша дзяцінства праходзіць шчасліва,
Нам добра жывецца і марыцца тут.
А Вам мы жадаем натхнення ў працы,
Не знацца з хваробай, не ведаць тугі,
Каб Вашым мастацтвам маглі любавацца,
Усе, хто шануе наш край дарагі. (Вучні школы)
(Мастаку ўручаюцца памятны падарунак і кветкі).
Настаўнік: Як сказаў М. Гусоўскі: “Кожны народ не без роду і племя і мае летапіс свой і гісторыі след на старонках”. Таму ў нашай школе прывіваецца цікавасць да гісторыі роднага краю, нараджаюцца павага да свайго нараду, парастачкі нацыянальнай самасвядомасці, годнасці і грамадзянскасці. Мы павінны разабрацца ва ўсім тым, што адрасуецца нам з глыбінь стагоддзяў, каб адчуць прыемную асалоду вернасці сваім караням, каб прадоўжыць летапіс нашых гістарычных дзён.
Дзякуем Вам за ўвагу. На памяць аб нашай сустрэчы прыміце памятныя падарункі.
(Гучыць мелодыя, уручаюцца падарункі).
Дадатак 1
Урывак з міні-спектакля Д.У. Крупені “Ля вогнішча”
Сцэна 1.
Ля вогнішча сядзяць чатыры партызаны, апранутыя ў рознае адзенне. З імі дзяўчына Насця з санітарнай сумкай. Партызаны кожны чымсьці заняты: хто сцізорыкам стругае галінку, хто наводзіць парадак у рэчавым мяшку, хто перамотвае анучы… Насця возіцца з санітарнай сумкай. Прыглушана гучыць песня “Кацюша”.
Сцэна 2.
(Песня змаўкае, на сцэне з’яўляецца партызан Вася з мяшком на плячы, скідвае цяжкі мех на зямлю).
Вася: Ух, і нацярпеўся ж я. (Садзіцца ля вогнішча).
Усе разам: Ну, расказвай, дастаў?
Вася: А як вы думаеце?
Камандзір: Не цягні, дакладвай.
Вася: Падпоўз я да замініраванага ўчастка дарогі, прыслухаўся. Здаецца ўсё ціха. Трэба пачынаць. Ціхенька нашчупаў рукамі тонкі правадок. Усё, думаю, адна міна мая.
Камандзір: Так, не цягні! Дастаў ці не?
Вася: Дастў. Але ўсё па парадку.
Федзя: Давай, Вася,”траві” па парадку.
Вася: Значыць, нашчупаў правадок. Ну, думаю, міна мая. Асцярожна разгроб зямлю, нашчупаў узрывацель, вывенціў,схаваў у мяшок, выцягнуў міну і таксама ў мяшок. І тут раптам пачуў крокі. Я хутка замаскіраваў месца, дзе была міна, прыгладзіў зямлю , нацягнуў провад і адпоўз за завал, стаіўся. Бачу, ідзе фрыц удоль чыгункі, нахіляецца, падсвечвае ліхтаром – правярае міны. І тут я спалохаўся, што ён можа ўгледзець знятую міну. Тады пішы ўсё прапала. Нам адной міны для падрыву маста мала. Але фрыц пайшоў далей, прасвечваючы тыя месцы, дзе бвлі міны. А я ўсё прыкмячаю ды матаю на вус.
Федзя (засмяяўся): Так, Вася, табе трэба абавязкова адрасціць вусы . Ці яны ў цябе ўжо былі? Напэўна, ты іх павырываў накручваючы.
Мішка: Ды не перабівай ты! Гавары, Вася.
Вася: І вось я думаю: “Які добры фрыц трапіўся, паказаў мне ўсе міны”. Я прапоўз далей і зняў яшчэ тры міны. Вось і ўсё. Прынёс чатыры міны.
Камандзір: Які ты маладзец. Цяпер мост каля Пашкоў мы абавязкова пусціму паветра.
Федзя: Ты, Вася, запомніў таго фрыца, каб аддзякаваць яму за дапамогу? (Усе смяюцца).
Мішка: А ці не перакусіць нам, братцы?
Федзя: Вось гэта тое, што трэба. Я не супраць. Што там у тваёй сумачцы маецца, Насця?
Насця: У мяне ўсё ёсць, а вось у цябе?
(Насця дастае з сумкі белую матэрыю, рассцілае яе і кладзе маленечкі кавалачак сала і сухары. Усе лезуць у кішэні і дастаюць хто вараную бульбу, хто соль, хто кавалак хлеба і іншае. Усе ядуць і размаўляюць).
Камандзір: Вось скончыцца вайна, прыйду дадому, а мама мне наварыць такіх смачных клёцак. Вось ужо наемся.
Вася: А я, сябры мае, пасля вайны ажанюся.
Мішка: На кім, Вася?
Вася: Насценька, ты б пайшла за мяне замуж пасля вайны?
Насця: Вася, ты добры, адважны, смелы, знаходлівы, але да заканчэння вайны яшчэ далёка і трэба выжыць. Дай Бог, Васенька, каб ты дачакаўся канца вайны. А ад дзяўчат у цябе адбою не будзе, любая за такога малайца выйдзе.
Камандзір: Заканчвайце размову. Выхадзі строіцца.
(Гучыць мелодыя марша. Усе строяцца і выходзяць са сцэны).
Дадатак 2
разгарнуць » / « згарнуць